Памятныя мясціны часоў Вялікай Айчыннай вайны
Напярэдадні 22 чэрвеня работнікі Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Навагрудку наведалі памятныя мясціны часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Трагічныя падзеі адбываліся на Заходнім фронце ў пачатку вайны. Чырвоная Армія несла вялікія страты і вымушана была адступаць. К канцу чэрвеня 1941 года фронт ушчыльную пасунуўся да Навагрудка. На подступах да горада змагаліся падраздзяленні 13-й арміі. Па дарозе Ліда-Навагрудак ворага стрымлівала 8 асобная проціватанкавая брыгада пад камандаваннем палкоўніка І.С.Стральбіцкага. У Навагрудку знахозілася 27-я танкавая дывізія пад камандаваннем палкоўніка А.В.Ахманава, якая толькі фарміравалася, 17-га механізаванага корпуса, штаб якога размяшчаўся ў Баранавічах. Але, як успамінаў камандзір батальёна М.В.Блюдаў, танкісты ўступілі ў бой з вінтоўкамі ў руках, як і пехацінцы і артылерысты, бо танкі не паспелі атрымаць.
28-29 чэрвеня 2-я і 3-я танкавыя групы праціўніка злучыліся і захапілі Мінск. Часці 3-й (камандуючы генерал-лейтэнант В.І.Кузняцоў) і 10-й (камандуючы генерал-маёр К.Д.Голубеў) армій, якія адступалі з-пад Гродна і Беластока, а таксама некаторыя часці 13-й арміі трапілі ў акружэнне. На 1 ліпеня 1941 года ў катле аказаліся 11 няпоўных дывізій, якія арганізавалі кругавую абарону ў раёне Навагрудка, Стаўбцоў, Налібоцкай пушчы. Гарачыя баі ішлі на беразе Нёмана ля Шчарсоўскай і Любчанскай перапраў. У раёне Любчы, Карэліч, Стаўбцоў мужна змагаліся воіны 24-й Самара-Ульянаўскай стралковай дывізіі генерал-маёра К.Н.Галіцкага. Дывізія, нягледзячы на страты, захавала дысцыпліну, арганізаванасць і баяздольнасць, прайшла з цяжкімі баямі па тылах праціўніка звыш 500 км і 14 ліпеня выйшла з акружэння.
Рэшты 27 танкавай дывізіі палкоўніка А.В.Ахманава і брыгады палкоўніка Стральбіцкага далучыліся да групы генерал-лейтэнанта І.В.Болдзіна, якая адступаючы з-пад Беластока, на працягу 45 дзён вяла барацьбу ў тыле ворага, а затым прарваўшы нямецкі фронт, уз’ядналася з рэгулярнай арміяй, вывеўшы з акружэння 1654 узброеных чырвонаармейцаў.
У манаграфіі “Пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі” (Гродна, 2003) І.А.Басюк адзначыў: “Навагрудскі “Кацёл” па тэрыторыі і колькасці акружаных там савецкіх войск быў першым найбольш буйным “катлом” пачатковага перыяду Вялікай Айчыннай вайны.”
Жыхары Навагрудчыны дапамагалі чырвонаармейцам, падвозілі боепрыпасы, прыносілі харчы, аказвалі дапамогу параненым, пераплаўлялі байцоў і камандзіраў праз Нёман.
Толькі 4 ліпеня ў Навагрудак, цэнтр якога быў у руінах пасля моцных бамбёжак, уступілі немцы. Між тым ачагі супраціўлення акружэнцаў доўжыліся на працягу ліпеня і да сярэдзіны жніўня 1941 года.
Камандзіры і чырвонаармейцы, якія не змаглі выйсці з акружэння, перайшлі да партызанскіх метадаў барацьбы і склалі ядро партызанскага руху на тэрыторыі былой Баранавіцкай вобласці, у тым ліку і на Навагрудчыне. Ужо ў 1942 годзе дзейнічалі партызанскія атрады А.М.Лявошкі, М.М.Чайкоўскага, В.І.Панчанкава, якія поўніліся мясцовымі жыхарамі, перарасталі ў партызанскія брыгады і наносілі моцны ўрон праціўніку.
10 снежня 2002 года Навагрудскі раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне № 600 “ Аб усталяванні памятнага знака памяці загінуўшым у “Навагрудскім катле”.