«У того, кто решит изучить все законы, не останется времени их нарушать»
Иоганн Вольфганг Гёте
«Там, где существует десять тысяч предписаний, не может быть никакого уважения к закону»
Уинстон Черчилль
«Поступать по праву, а не действовать силой»
Тит Ливи
«Законы обязаны своей силой нравам»
Клод Адриан Гельвеций
«Мягким законам редко подчиняются, суровые — редко приводятся в исполнение»
Бенджамин Франклин
«Там, где законы в силе — и народ силен»
Публилий Сир
«Тягостными труды законодательства делает не столько то, что надо установить, сколько то, что надо уничтожить»
Жан Жак Руссо
«Вводить законы, противоречащие законам природы, — значит порождать преступления, чтобы потом их наказывать»
Томас Джефферсон

З нагоды Сусветнага дня музеяў

Дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку на працягу дзесяцігоддзяў з’яўляецца адным з галоўных цэнтраў культурнага жыцця горада. 
Сёлета споўніцца 85 гадоў, як музей гасцінна адчыніў дзверы першым наведвальнікам. Адбылося гэта 11 верасня 1938 года дзякуючы намаганням грамадскай арганізацыі – Міцкевічскага камітэта, дзейнасць якога па ўшанаванню памяці вялікага паэта і яго творчасці, як і гісторыі самога Навагрудка мела выключнае значэнне для развіцця горада. 

1.jpg

Згодна апісанням сучаснікаў, музейная экспазіцыя размяшчалася ў трох пакоях. У першым знаходзіліся шматлікія выданні, газеты, ілюстрацыі да твораў паэта, партрэты А.Міцкевіча – рэпрадукцыі розных гадоў. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў звяртала мадэль сялянскай хаты з жураўлём ля студні. Менавіта ў сельскіх рысах звычайна маляваў сваё дзяцінства сам паэт, а яшчэ будучы ў прымусовай эміграцыі, марыў, каб на радзіме пад такімі саламянымі стрэхамі чыталі яго паэмы.
Хол упрыгожвалі гербы ўсіх гарадоў Навагрудскага ваяводства. У самым цэнтры знаходзіўся макет помніка паэту, устаноўленага ў Парыжы,  скульптара Антуана Бурдэля. Адліты ў бронзе макет служыў ўпрыгожаннем ўсяго музея і адным з найбольш каштоўных экспанатаў першай экспазіцыі.
У апошняй зале размяшчаліся памяткі аб Марылі Верашчака: старасвецкі куфар, каваны масіўнымі абручамі, люстэрка, шаль, крыж, які вісеў у яе пакоі, яшчэ колькі дробязей і фотаздымкаў.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў будынак музея трапіла бомба, не толькі музей, але і цэлы раён горада “Рацэўля” быў знішчаны пад час налётаў варожай авіацыі.
Пасля вызвалення горада ад нямецкіх акупантаў, намаганні мясцовых улад былі скіраваны ў першую чаргу на аднаўленне народнай гаспадаркі, якой былі прысвечаны гады першай пяцігодкі.
А ўжо 30 чэрвеня 1950 г. было прынята рашэнне № 74 выканаўчага камітэта Навагрудскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных “О восстановлении Дома-музея польского поэта Адама Мицкевича в городе Новогрудке”, у якім гаварылася: “Придавая исключительно большое политическое и культурное значение сохранению исторических памятников славянской культуры, исполком Новогрудского городского Совета депутатов трудящихся решил просить Новогрудский районный Совет депутатов трудящихся возбудить ходатайство перед вышестоящими органами о восстановлении в городе Новогрудке дома-музея польского поэта Адама Мицкевича”. 
27 ліпеня было прынята рашэнне № 413 выканаўчага камітэта Навагрудскага райсавета дэпутатаў працоўных “О восстановлении дома музея им. польского поэта Адама Мицкевича”. Фактычна з гэтага часу пытанне ўшанавання творчасці Міцкевіча і памяці аб ім знаходзілася на павестцы дня мясцовых органаў улады.  
20 кастрычніка 1951 г. гарадскі выканаўчы камітэт прыняў рашэнне № 150 “ Об охране исторических мест, связанных с жизнью и деятельностью польского поэта Адама Мицкевича и сбора экспонатов дома музея его имени, а также охране других исторических мест города Новогрудка”. Паводле яго, гарадскі аддзел камунальнай гаспадаркі  абавязаны быў устанавіць агароджу вакол тэрыторыі аднаўляемага музея, загадчыку гарадской бібліятэкі загадвалася праводзіць работу па збору экспанатаў. Кіраўнікі ўсіх устаноў, арганізацый, дзе маглі апынуцца прадметы дома-музея, павінны былі вярнуць іх, як дзяржаўную маёмасць.
У 1953 годзе будынак музея быў адноўлены. Загадам Баранавіцкага абласнога аддзела культасветустаноў ад 15 студзеня 1953 г. № 3 быў прызначаны дырэктар музея Адама Міцкевіча Сідаровіч Міхаіл Якаўлевіч. Праводзілася вялікая пошукавая  праца па збору экспанатаў і стваралася музейная экспазіцыя. Безумоўна, вялікую дапамогу ў гэтай справе аказвалі мясцовыя краязнаўцы, у колах якіх заўседы жыў дух творчасці Міцкевіча.
Асабліва важнае значэнне меў 1955 год, аб’яўлены рашэннем Стакгольмскай сесіі сусветнай Рады міру Годам Міцкевіча з нагоды 100-годдзя з дня яго смерці.
17 лістапада 1954 г. Навагрудскі райвыканкам прыняў пастанову № 439, у якой зацвердзіў склад камісіі на чале з старшынёй райвыканкама Сяліцкім П.І. і праграму падрыхтоўкі да юбілею, якая прадугледжвала шэраг мерапрыемстваў. Найбольшая ўвага ўдзялялася  аднаўленню музея і добраўпарадкаванню горада. Ужо 29 лістапада 1954 г. пастановай Навагрудскага гарвыканкама № 126 была перйменавана адна з цэнтральных вуліц горада Слонімская ў вуліцу Адама Міцкевіча.
Паведамленні аб тым, як праходзіла падрыхтоўка да юбілею, разглядаліся перыядычна на паседжаннях гар- і райвыканкамаў. Прадугледжвалася  завяршыць рамонт раённага Дома культуры, добраўпарадкаваць плошчу і тэраторыю вакол музея. У рашэнні райвыканкама  ад 19 верасня 1955 г. № 351 “О ходе подготовки к 100-летию со дня смерти польского поэта А.Мицкевича” гаварылася пра неабходнасць арганізацыі ва ўсіх установах культасветы лекцый і дакладаў аб жыцці і творчасці А.Міцкевіча,  афармленні кніжных вітрын.
Змястоўныя матэрыялы, прысвечаныя А.Міцкевічу, з’яўляліся на старонках раённай газеты “Звязда”. Тут жа асвятляліся падзеі, звязаныя з падрыхтоўкай і правядзеннем мерапрыемстваў да юбілею. Так, 30 кастрычніка 1955 г. старшыня гарвыканкама  І.Кірын у артыкуле “Зробім наш горад прыгожым, добраўпарадкаваным” адзначыў: “Дзейны ўдзел у добраўпарадкаванні горада прымаюць жыхары. Калектывы прадпрыемстваў, трыкатажнай і швейнай фабрык, райпрамкамбіната і другіх устноў правялі значную работу па правядзенню ў парадак сквераў, газонаў, клумбаў”. 
2 кастрычніка 1955 г. у раённым Доме культуры адбыўся вечар польска-савецкай дружбы, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі навукі і культуры Польскай Народнай Рэспублікі. Вечар стаў першым значным мерапрыемствам, прымеркаваным да юбілею, а 26 лістапада 1955 г., у дзень смерці паэта, адбыўся мітынг і ўрачыста адчыніліся дзверы музея.
Новы дырэктар музея Л.А.Сокал-Кутылоўскі, прызначаны на пасаду 1 лютага 1955 года, у газеце “Звязда” ад 27 лістапада 1955 г. даў падрабязнае апісанне экспазіцыі музея, а ў нумары ад 7 лістапада 1955 г. адзначыў, што за 10 дзён музей наведала больш 10 тысяч экскурсантаў. Людзі прыязджалі з розных куткоў не толькі Беларусі, але з розных рэспублік Савецкага Саюза.
Заключным мерапрыемствам стаў вечар, які адбыўся 30 лістапада 1955 г. у раённым доме культуры, ў якім бралі ўдзел пісьменнікі з Польшчы, Расіі, Украіны, Літвы, прадстаўнікі кіруючых органаў вобласці і краіны.
З гэтага часу музей Адама Міцкевіча граў асаблівую ролю не толькі ў культурным жыцці горада, але  і ўмацаванні савецка-польскіх адносін. Штогод горад наведвалі прадстаўнікі грамадскасці, журналісты, студэнты, школьнікі з суседняй краіны, ладзіліся вечары дружбы ў раённым Доме культуры, якія арганізоўвала Навагрудскае аддзяленне савецка-польскай дружбы. Аб гэтым расказваюць дзясяткі артыкулаў, што з’яўляліся на старонках газеты “Звязда” (з 1962 года – “Новае жыццё”), а таксама справаздачы аддзелаў культуры гар- і райвыканкамаў.
У справаздачы музея за 1981 год прыведзены наступныя лічбы: музей наведала 39470 чалавек, праведзена 882 экскурсіі, праведзена 6 літаратурных вечарын, арганізавана 4 выставы.
30-годдзю аднаўлення музея і 130-й гадавіне смерці паэта была прысвечана ўрачыстая вечарына, што адбылася 26 лістапада 1985 года пры ўдзеле выкладчыкаў Лідскага музычнага вучылішча.
У другой палове 80-х гадоў мінулага стагоддзя ў часы Перабудовы, значна ўзрасла цікавасць да нацыянальнай гісторыі, культуры народаў, што ўваходзілі ў склад СССР. У перыядычным друку з’яўляецца шэраг публікацый, прысвечаных дзеячам культуры, чый лёс так ці іначай быў звязаны з Беларуссю. Безумоўна, расла цікавасць да асобы Міцкевіча, не толькі як польскага паэта, але пачынаўся працэс пераасэнсоўвання яго дзейнасці, творчасці, яго ролі ў  гісторыі нашага краю і нашай нацыянальнай гісторыі. Шэраг мерапрыемстваў быў прымеркаваны да 190-й гадавіны з дня нараджэння А. Міцкевіча.
27 кастрычніка 1987 г. было прынята рашэнне № 51 гарвыканкама “Об изготовлении и установке памятника А.Мицкевичу”. А тым часам у музеі ў 1988 годзе адкрылася выстава, арганізаваная сумесна з Літаратурным музеем Варшавы. У гэты час два музеі актыўна працавалі над канцэпцыяй новай музейнай экспазіцыі. У 1989 годзе адбылася рэканструкцыя дома, сядзібных пабудоў і прылягаючай тэрыторыі, якую выканала польская фірма “Будзімэкс” на сродкі Міністэрства культуры Беларусі. Адкрыццё новай экспазіцыі, а яшчэ помніка А.Міцкевічу скульптара В.Янушкевіча на Малым Замку, сабрала 12 верасня 1992 года тысячы навагрудчанаў і гасцей горада.
Значныя перамены адбыліся ў Навагрудку ў 1998 годзе, калі масштабна, на дзяржаўным узроўні адзначылі 200-годдзе А.Міцкевіча. Гэтаму папярэднічаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 лістапада 1997 г. № 580 “О праздновании 200-летия со дня рождения поэта Адама Мицкевича». Савету Міністраў даручалася ў 2-месячны тэрмін стварыць арганізацыйны камітэт і падрыхтаваць план мерапрыемстваў. 
Нацыянальны аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенню мерапрыемстваў з нагоды 200-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча быў створаны пастановай Савета Міністраў ад 20 снежня 1997 г. № 1694. У склад камітэта быў уключаны старшыня Навагрудскага райвыканкама Ліс Анатолій Васільевіч.
Рашэннем Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта ад 24 лютага 1998 г. “О задачах отдела культуры райисполкома, предприятий, учреждений, организаций по подготовке к празднованию 200-летия со дня рождения А.Мицкевича» быў створаны раённы арганізацыйны камітэт і зацверджаны мерапрыемствы па падрыхтоўцы да юбілею. 
Трэба адзначыць, што к гэтаму часу постаць Міцкевіча і яго творчасць успрымалася значна шырэй і, самае важнае, у кантэксце беларускай гісторыі і культуры таксама. У інтэрв’ю старшыні райвыканкама А.В.Ліса, надрукаванае ў газеце “Новае жыццё” 12 верасня 1998 г. гаварылася: “…менавіта цяпер мы пачынаем для сябе адкрываць Адама Міцкевіча, праз яго творчасць лепш пазнаваць сябе і сваё мінулае, праз асэнсаванне яго феномену глядзець у заўтрашні дзень.”
У ходзе падрыхтоўкі  да юбілею шмат зроблена было па добраўпарадкаванню горада, ў вялікіх аб’ёмах былі ажыццёўлены будаўнічыя і рамонтна-рэстаўрацыйныя работы. Як адзначыў А.В.Ліс “магутнае плячо нам падставіла ўся рэспубліка. …Усе міністэрствы, ведамствы і службы, праекціроўшчыкі і будаўнікі з належнай адказнасцю паставіліся  да сваіх задач…
Прыемна тое, што самі навагрудчане актыўна адгукнуліся на просьбы мясцовых улад дапамагчы добраўпарадкаваць горад, выходзілі на суботнікі, прыводзілі ў парадак вуліцы, дарогі, сядзібы.”
Новы воблік атрымала гарадская плошча ў Навагрудку. Кульмінацыяй праводзімых мерапрыемстваў стала міжнароднае свята Паэзіі, якое адбылося ўрачыста і прыгожа 12 верасня 1998 года. 
А музей з тае пары яшчэ раз змяніў экспазіцыю і стаў адным з самых папулярных мясцін горада. Навуковыя канферэнцыі, выставы, літаратурныя вечарыны, канцэрты і іншыя імпрэзы прыцягваюць увагу як жыхароў горада, так і турыстаў. Тысячы наведвальнікаў штогод праходзяць праз музей.
І, безумоўна, усё большую папулярнасць набываюць мерапрыемствы да Сусветнага дня музеяў – гэтак званая “ноч музеяў”, да якой калектыў музея падыходзіць творча і  штогод рыхтуе захапляльную праграму.

14.jpg

А.Забелінская, дырэктар установы “Занальны дзяржаўны архіў у г. Навагрудку”



Этот сайт использует файлы cookies для более комфортной работы пользователя. Продолжая просмотр страниц сайта, вы соглашаетесь с использованием файлов cookies