Дзеля камфорту насельніцтва. У Шчучыне прайшоў выязны практычны семінар для кіраўнікоў службаў “адно акно”
Пытанні спрашчэння адміністрацыйных працэдур і павышэння эфектыўнасці апрацоўкі зваротаў насельніцтва абмеркавалі ўдзельнікі практычнага семінара для кіраўнікоў службаў “адно акно”. Мерапрыемства прайшло на базе Гродзенскага і Шчучынскага раёнаў і сабрала прадстаўнікоў з усіх рэгіёнаў нашай вобласці. Таксама ў семінары ўзялі ўдзел прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Юлія Салановіч і намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама Вольга Рудая.
Шчучын нездарма стаў пляцоўкай для правядзення семінара, бо ў нашым раёне дзейнічае адзіны пункт прыёму заяў грамадзян, які добра зарэкамендаваў сябе і значна аптымізаваў адміністратыўныя працэдуры. Такое рашэнне з’яўляецца ўнікальным для нашай вобласці, і таму шчучынскі досвед зацікавіў прадстаўнікоў іншых раёнаў.
Падрабязней пра стварэнне і канцэпцыю службы “адно акно” ў нашым раёне ўдзельнікам семінара расказала кіраўнік спраў Шчучынскага райвыканкама Алена Шкіндзерава:
– У мэтах павышэння эфектыўнасці адміністрацыйнага абслугоўвання насельніцтва ў 2018 годзе мы пачалі работу па стварэнні адзінага пункта прыёму заяў для ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур, якія найбольш запатрабаваныя жыхарамі нашага раёна. У першую чаргу мы прынялі рашэнне аб аптымізацыі размяшчэння службаў раённага выканаўчага камітэта. З сакавіка 2019 года ў будынку райвыканкама была размешчана кліенцкая служба РУП ЖКГ, з красавіка 2020-га сюды ж былі пераведзены спецыялісты аддзела запісу актаў грамадзянскага стану, а з лістапада 2020 года і спецыялісты аддзялення па грамадзянстве і міграцыі аддзела ўнутраных спраў.
Як адзначыла Алена Вайцехаўна, працэдура стварэння адзінага пункта прыёму заяў суправаджалася ўмацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы, рамонтам кабінетаў і стварэннем камфортных умоў для працы спецыялістаў.
Такая ініцыятыва прынесла вялікі плён, бо дзякуючы кампактнаму размяшчэнню спецыялістаў розных службаў грамадзяне могуць атрымаць кваліфікаваную кансультацыю і комплекс адміністрацыйных паслуг у адным месцы без неабходнасці перамяшчэння паміж рознымі будынкамі.
Таксама перад гасцямі выступілі кіраўнік службы “адно акно” Шчучынскага райвыканкама Алена Шостак і начальнік кліенцкай службы РУП ЖКГ Вікторыя Кузьміч. Яны падрабязней расказалі прысутным пра асаблівасці арганізацыі прадастаўлення адміністрацыйных паслуг у нашым раёне.
Пасля ўдзельнікі семінара абмеркавалі праблемныя пытанні, якія перыядычна выяўляюцца падчас маніторынгаў Міністэрства юстыцыі. У прыватнасці, закранулі тэму абароны персанальных даных грамадзян і падтрымання актуальнага стану інфармацыі, якая размяшчаецца на інфармацыйных стэндах і ў раздзелах “адно акно” на сайтах райвыканкамаў.
Напрыканцы семінара ўдзельнікі наведалі працоўныя кабінеты спецыялістаў службы “адно акно”, кліенцкай службы аддзялення па грамадзянстве і міграцыі і іншых падраздзяленняў. Дзякуючы чаму на практыцы пазнаёміліся з інавацыйнымі рашэннямі, якія паспяхова прымяняюцца ў нашым раёне.