Тлумачэнні па пытаннях змены нацыянальнасці
У аддзел ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама апошнім часам паступае вялікая колькасць пытанняў па нацыянальнай прымеце, па змене нацыянальнасці бацькі або маці ў сваім пасведчанні аб нараджэнні, у пасведчанні аб нараджэнні дзяцей.
Тлумачэнні па гэтых пытаннях дае начальнік аддзела ЗАГС Вольга Бародзіч:
– Не трэба блытаць тэрміны “грамадзянства” і “нацыянальнасць”. Ваша нацыянальнасць вызначаецца нацыянальнасцю вашых бацькоў, грамадзянства – пашпартам.
Па даных перапісу на тэрыторыі Беларусі жывуць прадстаўнікі больш чым 130 народаў і народнасцяў. Такім чынам існуе шанц не стаць беларусам, нарадзіўшыся ў Беларусі, бо ваша нацыянальнасць вызначаецца нацыянальнасцю вашых бацькоў. Гэта значыць, калі ў чалавека, які нарадзіўся і з дзяцінства жыве ў Беларусі, размаўляе па-беларуску, сам сябе лічыць беларусам, напрыклад, у пасведчанні аб нараджэнні бацька будзе ўказаны як літовец, а маці – руская, то беларусам ён не можа быць, бо ні бацька, ні маці не маюць нацыянальнай прыметы “беларус”.
Калі вы лічыце, што ў запісе акта аб нараджэнні ўнесены няправільныя звесткі аб нацыянальнай прымеце вашага бацькі або маці, можаце звярнуцца ў аддзел ЗАГС з заявай аб унясенні змяненняў, выпраўленняў і дапаўненняў.
Калі вы сабраліся заняцца вывучэннем уласнай радаслоўнай і пошукам сярод продкаў дваран і духавенства, неабходна звярнуцца ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў горадзе Гродне па вуліцы Гаспадарчай, 21.
Маюцца на захоўванні метрычныя кнігі культавых установаў Дзятлаўскага раёна (кнігі цэркваў і касцёлаў аб нараджэнні, смерці, шлюбе).
Перш чым звярнуцца ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, неабходна сабраць максімальна поўныя пошукавыя звесткі пра вашых продкаў: прозвішчы, імёны, імёны па бацьку, даты нараджэння і смерці. Таму апытайце самых пажылых блізкіх сваякоў, наведайце могілкі, дзе пахаваны вашы продкі і дзе можна ўдакладніць гады нараджэння і смерці даўно памерлых сваякоў.
Вялікі комплекс дакументаў таксама захоўваецца ў Занальным архіве ў горадзе Навагрудку па вуліцы Высокай, 2а. Крыніцамі камплектавання архіва з’яўляюцца арганізацыі Дзятлаўскага, Карэліцкага, Навагрудскага, Слонімскага раёнаў.