У Карэліцкім Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўшаноўвалі сем’і
20 мая ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна ладзілі свята з нагоды Дня сям’і. На яго былі запрошаны шматдзетныя, няпоўныя сем’і і сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды. У сваім выступленні дырэктар Цэнтра Інэса Сямібратава адзначае, што сям’я — гэта ячэйка грамадства, і дзяржава ўдзяляе ёй вялікую ўвагу. У раёне жыве 208 шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца 684 дзіцяці. 25 маці ўзнагароджаны Ордэнам Маці. Сямейны капітал назначаны 202 сем’ям, 67 карысталіся ім датэрмінова. Шматдзетныя маці маюць ільготы, многія сем’і атрымліваюць адрасную дапамогу. «Няхай квітнее сям’я», — пажадала прамоўца.
Начальнік аддзела загс Карэліцкага райвыканкама Валянціна Сіўко шчыра і пранікнёна гаварыла пра сям’ю. «Гледзячы на шмадзетныя сем’і, радуешся, што ў іх дзеці растуць выхаванымі і працавітымі, падтрымліваюць адзін аднаго», — зазначае Валянціна Міхайлаўна і заклікае, каб сем’і былі моцнымі. Па яе меркаванні, сям’я — гэта праца, і каб яе захаваць, трэба прыкласці шмат старанняў. Сям’ю начальнік аддзела загс лічыць і вялікім святам: трэба падарыць часцінку свайго сэрца іншаму і імкнуцца захоўваць сямейныя традыцыі.
Завітала на свята і старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Святлана Санцэвіч. Поруч з віншаваннямі з Днём сям’і і пажаданнямі здароўя, міру, дабрабыту яна ўручыла запрошаным на ўрачыстасць падарункі. Удосталь было ў гэты дзень на мерапрыемстве і добрых нумароў мастацкай самадзейнасці. Яны ўзнімалі настрой, узрушвалі душу, вочы гасцей свяціліся радасцю. Як аказваецца, слова і песня маюць магутную сілу. Прысутныя ў зале былі ўдзячны вядучай мерапрыемства Вікторыі Лустач, выканаўцам Юрыю Сенько, Руслану Ганчарову, Ангеліне Кулак і Івану Кулаку, якія падарылі незабыўныя хвіліны сустрэчы са светам цудоўнага. Адным словам, свята ўдалося.